МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ЭСТРА́ДЫ.

Засн. ў 1954 па ініцыятыве рас. артыстаў эстрады. У розны час т-р узначальвалі М.​Смірноў-Сакольскі, А.​Коннікаў, І.​Шароеў, з 1983 — Б.​Бруноў, з 1997 — Г.​Хазанаў. Да 1961 пастаяннай трупы не меў, спектаклі ладзіліся Усерасійскім гастрольным канцэртным аб’яднаннем і Масэстрадай. Выступалі акцёры Ленінградскага т-ра мініяцюр пад кіраўніцтвам А.​Райкіна, аркестры Л.​Уцёсава, А.​Лундстрэма, Э.​Рознера, акцёры Ю.​Цімашэнка і Я.​Бярэзін, працаваў Т-р двух акцёраў — М.​Міронавай і А.​Менакера. На сцэне М.т.э. ставяцца спектаклі У.​Вінакура, М.​Задорнава, Я.​Петрасяна, Хазанава і інш., у рэпертуары т-ра пастаноўкі размоўнага жанру, вакал, інструментальная музыка, фальклор, пантаміма, цыклы «Упершыню ў тэатры эстрады», «Нязгасныя зоркі эстрады», «Эстрадны серпанцін» і інш. Ладзяцца пастаноўкі для дзяцей, муз. канцэрты, творчыя вечары-сустрэчы з дзеячамі культуры, бенефісы майстроў эстрады і інш. У складзе тэатра аркестр (з 1957).

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)